Сустрэчу адкладаць не варта!
Адным з буйных кнігагандлёвых аб’яднанняў у нашай краіне сёння з’яўляецца ААТ “Магілёўсаюздрук”, у складзе якога знаходзяцца 4 кнігарні, 2 кніжных павільёны і кніжны кіёск у корпусе № 1 БСХА ў г. Горкі. Рэалізацыя кніжнай прадукцыі, у тым ліку сацыяльна значнай літаратуры, вядзецца дадаткова ў краме № 1 г. Крычава, павільёнах модульнага тыпу, філіялах і ўчастках гарадоў Асіповічы, Быхаў, Шклоў, а таксама ў кіёсках.
Пра спецыфіку работы і тое, як сустрэлі Год кнігі, расказвае Іна Ракевіч, начальнік аддзела друку ААТ “Магілёўсаюздрук”:
– Прадпрыемства займае вядучае месца ў Магілёўскай вобласці ў рэалізацыі кніжнай прадукцыі. Папулярнасці кнігарань спрыяе не толькі зручнае размяшчэнне ў цэнтры горада, але і высокі ўзровень абслугоўвання пакупнікоў, і шырокі асартымент. Кнігарні працуюць паводле метаду самаабслугоўвання, выкарыстоўваецца музычнае суправаджэнне з інфармацыяй пра кніжныя навінкі і папулярных аўтараў. Высокакваліфікаваныя гандляры заўсёды гатовы даць кансультацыю, дапамагчы выбраць літаратуру і прыняць індывідуальны заказ.
Паляпшае паказчыкі і правільна выбраны напрамак развіцця прадпрыемства – мадэрнізацыя гандлёвай сеткі, замена кіёскаў з традыцыйнай формай прапановы тавару на сучасныя павільёны, дзе пакупнік атрымлівае магчымасць самастойнага выбару. Вельмі важна «патрымаць кнігу ў руках».
Наша гандлёвая сетка прапануе літаратуру розных жанраў для чытачоў – і для самых патрабавальных, і для самых маленькіх.
Бо менавіта ў дзяцінстве, калі нараджаюцца мары, фарміруецца характар, свет ззяе яркімі фарбамі, на кожным кроку – адкрыцці, кожная прачытаная кніга вельмі важная. Яна можа стаць мудрым дарадцам і верным сябрам. Галоўнае – своечасова знайсці яе, не прамінуць тыя творы, з якіх пачнецца падарожжа ў краіну Літаратуры. Гэта вельмі актуальна ў наш час, калі бацькоў непакоіць, што дзеці столькі часу праводзяць за камп’ютарам, і небезпадстаўна – бяспека дзяцей у інтэрнэце хвалюе педагогаў, сацыёлагаў, псіхолагаў. Існуе шмат сайтаў, знаёмства з якімі трэба адкласці да паўналецця. Сустрэчу з добрай кнігай адкладаць не варта!
Ужо шмат гадоў выданні, якія прапануе ААТ “Магілёўсаюздрук”, радуюць маленькіх разумнікаў і разумніц і здзіўляюць бацькоў: пра такія кнігі яны ў свій час маглі толькі марыць. Гэтыя выданні самі размаўляюць – задаюць дзіцяці пытанні, расказваюць казкі, спяваюць. Буквары і энцыклапедыі, “разумныя казкі” і серыі музычных кніг, кніжачкі для самых маленькіх, з дапамогай якіх развіваюць і навучаюць, дапамогуць падабраць гандляры-кансультанты. Дашкольнікам прапануем тонкія кніжачкі для самастойнага чытання, вучэбна-развіваючую літаратуру, якой у нас багаты выбар і ў кнігарнях, і на тэматычных выстаўках. Але не забываемся, што і ў гэтым узросце патрэбны казкі.
Для малодшых школьнікаў (6 – 10 гадоў) кніга ўжо стала добрым сябрам. Не трэба прасіць бацькоў пачытаць, можна выбраць сабе кнігу самастойна. Для гэтай узроставай групы прапануем выданні серыі “Школьная бібліятэка”: творы, што ўвайшлі ў школьную праграму і рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі. І, зразумела, ёсць на нашых палічках серыі «Любимые книги детства» - лепшыя творы класікаў дзіцячай літаратуры К. Чукоўскага, А Барто, Б. Захадэра, пазнавальных дзіцячых кніг «Маленький профессор» − новы праект выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Кожнае з яе выданняў у займальнай форме знаёміць з Беларуссю, яе легендамі, вядомымі людзьмі, цікавымі мясцінамі гарадоў і вёсак, нацыянальнай кухняй, светам прыроды і да т.п. Карыстаецца попытам і развіваючая серыя «Рассказы Деда Природоведа» выдавецтва «Народная асвета».
Асартымент нашых кнігарань пастаянна папаўняецца дзіцячымі навінкамі беларускіх («Літаратура і Мастацтва», «Мастацкая лiтаратура», «Минская фабрика цветной печати», «Сказ», «Современная школа», “Харвест» і інш.) і расійскіх выдавецтваў («Эксмо», «Росмэн», «Махаон», «Омега», «Азбукварик», «Самовар»).
У межах зацверджанага плана мерапрыемстваў па правядзенню ў Магілёўскай вобласці Года кнігі разам з абласным выканаўчым камітэтам ладзяцца выстаўкі-продажы кніжнай прадукцыі ў горадзе і вобласці з выездам у навучальныя ўстановы і на прадпрыемствы. Ва ўсіх кнігарнях афармляюцца да значных падзей тэматычныя куточкі, якія нагадваюць пра важную ролю сяброўства з кнігай: “Падарожжа ў краіну кніг” (да Сусветнага дня пісьменніка), «Мова – наша спадчына” (да Міжнароднага дня роднай мовы), выданні «Мастацкай лiтаратуры» (да 40-годдзя выдавецтва); «Думаць вершы» (да 55-годдзя А. Пісьмянкова). Правялі акцыю «Чытаем i размауляем на роднай мове».
На 2012 год ААТ “Магілёўсаюздрук” запланавала шэраг мерапрыемстваў з мэтай прыцягнення ўсіх ўзроставых катэгорый чытачоў. Працягнецца арганізацыя тэматычных куточкаў, выставак, конкурсаў, акцый для папулярызацыі чытання, прэзентацыі навінак выдавецтваў. Прыемна, калі ў паўсядзённых клопатах людзі не забыліся пра духоўныя запыты, сябруюць з кнігай. Самае галоўнае – што сёння мы можам прадаставіць ім магчымасць шырокага выбару.
Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА